КІНЕТАСТА́ТЫКА МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раздзел дынамікі механізмаў і машын, у якім вызначаюцца рэакцыі элементаў кінематычных пар механізма пры ўмове, што закон яго руху вядомы. Метады К.м. заснаваны на дапушчэнні, што механізм у цэлым і асобныя яго звёны будуць знаходзіцца ў стане раўнавагі, калі да ўсіх знешніх сіл, прыкладзеных да звёнаў, дадаць сілы інерцыі (у адпаведнасці з Д’Аламбера прынцыпам). У К.м. карыстаюцца аналітычнымі і графічнымі метадамі статыкі пры праектаванні новых машын (для разліку іх на трываласць).

т. 8, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)